СЛІ́ВАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Grapholi tha funebrana),

матыль сям. ліставёртак. Шкоднік слівы, алычы, цёрну, абрыкоса, персіка, вішні. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі, Зах. Сібіры.

Крылы ў размаху 12—15 мм, пярэднія — шаравата-карычневыя з авальнай свінцова-шэрай плямай на вонкавым краі, заднія — светла-шэрыя з махрамі. Вусені зімуюць у шчыльных павуціністых коканах у трэшчынах кары дрэў, радзей у глебе. Матылі вылятаюць пасля цвіцення слівы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені выядаюць мякаць пладоў, якія заўчасна ападаюць. У адным плодзе можа развівацца да 5 вусеняў. Дае 2 пакаленні за год.

Слівавая пладажэрка: 1 — дарослы матыль; 2 — пашкоджаныя плады; 3 — кукалка; 4 — вусень.

т. 15, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)